Home

Advertisement

Customize
 
 
07 April 2009 @ 08:31 am
Беларусы не імкнуцца палепшыць жыццё, ім важна заставацца такімі ж  

Філасофія — гэта не тое, што можа вырашыць праблемы дзяржавы, кажа вядомы мысляр Валянцін Акудовіч.

Галоўная памылка філосафаў — думаць, што тое, чым яны займаюцца, мусіць рэальна адбіцца ў жыцці


Беларусы — як камень, як дрэва: іх пасадзілі, і яны растуць такімі, якія яны ёсць...

Навошта Беларусі філасофія? Можа нам і без яе нядрэнна жывецца?

Акудовіч: Беларусы маглі б абыходзіцца і без філасофіі, як яны абыходзіліся без яе раней. Але ж, напэўна, гэта не лепшы варыянт. Культура, якая не замыкаецца на філасофію як на вяршыню, будзе заўсёды няпоўнай. Пакуль мы не зразумеем Беларусь як філасофскую, інтэлектуальную праблему, мы будзем увесь час штосьці істотна не разумець у той рэальнай, сацыяльна-палітычнай Беларусі, якая ёсць сёння.

Чыю філасофію, можа самі таго не разумеючы, выспавядаюць беларусы?


У любой краіне, нават самай філасофскай — напрыклад, Нямеччыне, бальшыня людзей ніякім чынам сябе не звязваюць з філасофіяй. Філасофія — гэта не тое, што завязана на сацыяльна-палітычным ладзе жыцця людзей. У самым высокім яе разуменні філасофія — гэта спосаб зразумець, навошта ўвесь свет і я ў гэтым вялікім бясконцым свеце.

А сацыяльны чалавек жыве ў фармаце працягу роду: нарадзіўся, апладніўся і памёр — вось і ўвесь чалавек. Дык вось філосаф — гэта той, каго ўвесь час вярэдзіць, дзеля чаго нарадзіўся чалавек, дзеля чаго ён апладніўся і навошта ён памёр. Таму філасофіі, якія яны ствараюць, вельмі рэдка прыдаюцца непасрэдна да рэальнага жыцця.

Дык а якія філасофскія ідэі найбольш блізкія да беларускага ладу жыцця?

З аднаго боку, выглядае, што беларусы вельмі блізка сыходзяцца з філасафаваннем Сёрэна К’еркегора — гэта вялікі дацкі філосаф, бацька экзістэнцыялізму. Як і ў Сёрэна К’еркегора, кожны з сам для сябе абірае свой шлях і рэалізоўвае яго праз сваю дзейнасць у жыцці. Беларусы раскіданыя як паадзінкавыя суб’екты, яны не маюць у сабе нейкага выразнага калектывісцкага пачатку. З гэтага, між іншым, і бальшыня нашых праблем.

Асобнаму беларусу справы да Беларусі як да універсальнага цэлага няма. Галоўнае, каб не было вайны і каб ніхто яго не чапаў, каб ён у сваёй экзістэнцыйнай сутнасці пражываў свой кавалак быцця так, як яму хочацца.

Разам з тым, экзістэнцыйныя пытанні беларусаў не надта непакояць. Беларусы — анталагічны народ. Яны як камень, як дрэва, як штосьці яшчэ такое, дадзенае ад прыроды. Іх пасадзілі і яны растуць такімі, якія яны ёсць. Адсюль кансерватызм, сацыяльная малая актыўнасць, нерухомасць.

Часам мне здаецца, што ў беларусаў галоўная задача — быць такімі, якія яны ёсць зараз, і не шукаць варыянтаў, каб палепшыць сабе жыццё. Ім істотна быць такімі, якія яны ёсць. І таму іх асабліва не вабіць, што нейкія там суседзі жывуць лепш, што так было б лепш для іх дзяцей... Можа, галавой яны гэта і разумеюць, але не хочуць развітацца са сваёй анталагічнай сутнасцю.


Беларус народжаны, каб працягваць быццё, а не каб экзістэнцыйна рэалізоўваць сябе як паасобная адзінка ў нейкіх справах...

А што тычыцца нашай славутай талерантнасці — гэта філасофія ці не?


Так, гэта як раз звязана, калі заўгодна, з філасофіяй беларусаў, з іх ментальнасцю. І гэта вельмі выразна іх вылучае сярод шмат якіх народаў і нацыяў. У беларусаў была б немагчымай Варфаламееўская ноч. Але і сучасная Францыя была б немагчымая, калі б не было Варфаламееўскай ночы...

Нашая талеранцыя паўстала з рэлігійнай талеранцыі. Сёння Беларусь —  самая ўнікальная еўрапейская краіна, дзе ўжо шмат стагоддзяў мірна суіснуюць радыкальна розныя рэлігійныя сістэмы — каталіцтва, праваслаўе, пратэстантызм, мусульманства, іўдаізм і шмат іншага.


Філосафы не могуць дапамагчы ні кіраўніцтву дзяржавы, ні тым больш начальніку ЖКГ

Напрыклад, у краіны ёсць праблемы. Філосаф — гэта той, хто іх пераасэнсуе? Ці выконваюць філосафы сацыяльную замову дзяржавы?


На гэты конт існуе шмат розных супярэчлівых поглядаў. Я належу да тых, хто лічыць, што філасофія не мае ніякага дачынення да рэальных праблемаў краіны. Больш за тое — яна і не павінна мець дачыненне, бо задача філасофіі ў чымсьці падобная з задачай рэлігіі. Толькі ў рэлігіі ісціна ўжо зададзена — гэта Бог, проста да яго трэба прыйсці. А філасофія яшчэ шукае гэтую ісціну. І вось яе задача шукаць яе, нават калі яе і няма. Чорную котку ў чорным пакоі.

Калі я кажу, што без беларускай філасофіі не будзе Беларусі, я маю на ўвазе, што палітыкі і без філосафаў могуць стварыць краіну. Больш за тое, яе ствараюць і пісьменнікі, і шмат хто яшчэ. Але, асабліва ў пэўныя гістарычныя моманты, вельмі істотна, каб былі філосафы і зразумелі дзяржаву ў больш шырокім кантэксце, чым палітычным і нават геапалітычным.

Але я ўсё роўна кажу, што філосафы не могуць нічым дапамагчы ні кіраўніцтву дзяржавы, ні тым больш начальніку ЖКГ у вырашэнні іх праблемаў. Філосафы і нацыянальная філасофія робяць значна большае: яна ўпісвае гэтую краіну праз самыя розныя схемы ва ўніверсальны кантэкст усяго быцця. Вось без філосафаў у быцці як ва ўніверсуме Беларусі б і не было, яна б заставалася толькі на геапалітычнай мапе.

Цікава, што практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі наладжвалі са мной сустрэчы. Яны думалі, што філосаф Валянцін Акудовіч падкажа ім, як прыйсці да ўлады. Калі я ім пакрысе пачынаў распавядаць, у чым задача філасофіі з майго гледзішча, яны гублялі цікавасць да філасофіі ўвогуле і да філосафа Акудовіча ў прыватнасці. Гэта памылковая думка, што філосафы ведаюць, як уладкаваць сацыяльнае жыццё. Тыя, хто ведаюць, як уладкаваць сацыяльнае жыццё, становяцца палітолагамі ці палітыкамі.


Калі філасофія пачынае вырашаць праблемы чалавека — гэта заканчваецца нядобра

Як эвалюцыянавала прафесія філосафа? Якія функцыі ў філосафа сёння і чым яны адрозніваюцца ад функцый філосафаў мінулых стагоддзяў?


Кожны з нас ведае прозвішча Арыстоцеля. Дык вось Арыстоцель быў настаўнікам Аляксандра Македонскага. І Арыстоцелю вельмі хацелася быць ім і далей. Але ў пэўны момант Аляксандр развітаўся са сваім вялікім настаўнікам і перастаў слухаць яго парады. І я абсалютна ўпэўнены, што калі б ён не зрабіў гэтага кроку, ён бы ніколі не стаў Аляксандрам Македонскім, хаця парады Арыстоцеля, напэўна, былі цікавыя. Але яны зноў-такі, залішне былі завязаныя на агульнаўніверсальных каштоўнасцях.

Другі прыклад. Платон, сярод масы ўсяго іншага, напісаў тэкст пра дзяржаву і тое, як яна мусіла быць уладкаваная, распісаў усю структуру. Дарэчы, ён моцна пакрыўдзіў літаратараў і асабліва паэтаў: сказаў, што яны абсалютна непатрэбныя ў дзяржаве асобы і ўсё, што яны робяць, таксама... Дзякуй богу, што платонаўскай схемай ніхто ніколі не скарыстаўся.

Так было заўсёды? Ці былі часы, калі функцыі філосафаў былі іншымі? Магчыма, калісьці яны выконвалі ролю палітыкаў, аналітыкаў?


Я думаю, што функцыі філосафаў заўсёды былі аднолькавымі. Але тут вось у чым рэч. Самі-та філосафы думалі, асабліва ў ранейшыя часы, што яны займаюцца не пустым філасафаваннем. Што гэта нейкім чынам рэальна мусіць адбіцца ў жыцці.

Бадай, толькі бліжэй да сучаснасці з’явіліся філасофскія сістэмы, якія выявіліся ў практычным жыцці чалавека. Гэта найперш марксізм, а затым псіхааналіз Фрэйда. Што датычыцца марксізма, то лепш бы ён не спраўджваўся ў жыцці.

З псіхааналізам гэта выглядае не настолькі драматычна, але гэта пытанне, колькі мільёнам, а можа ўжо і мільярдам людзей ён штосьці зламаў у іх унутранай сутнасці. У мяне такое адчуванне, што гэта чымсьці падобна да марксізма: і там і там добрыя памкненні, але толькі марксізм мяняў чалавека звонку, мяняў сацыяльныя абставіны, структуру грамадства, а фрэйдызм — знутры. Вось яны з двух бакоў, Маркс — звонку, а Фрэйд — знутры, наваліліся на гэтага чалавека і скукожылі яго і адтуль, і адсюль.

Я думаю, што класічная філасофія павінна ўсё ж такі займацца быццём як універсальным цэлым. Яна не мусіць апускацца ўніз, сюды, у соцыўм, бо якія б прыгожыя і справядлівыя канцэпты яна ні прапаноўвала дзеля больш гарманічнага ўладкавання жыцця, усё гэта ўрэшце рэшт заканчваецца нядобра.


Сур’ёзна мысліць бывае вельмі страшна


Як становяцца філосафам? Ці абавязкова скончыць філасофскі факультэт, абараніць дысертацыю?

Ні Сакрат, ні Арыстоцель, ні Платон не заканчвалі філасофскіх факультэтаў. Больш за тое, пераважная колькасць сапраўды значных фігур, нават бліжэй да сучаснасці, разміналася з прафесійнай філасофскай адукацыяй — мой любімы Ніцшэ, ці Ясперс, ці Вітгенштэйн... тут я пералічваць магу бясконца. Але разам з тым гэта неабавязкова. Адзін з буйнейшых філосафаў ХХ стагоддзя, ці можа нават і самы буйны Марцін Хайдэгер — гэта філосаф з бліскучай прафесійнай філасофскай адукацыяй.

Таму тут няма нейкіх правілаў і законаў, акрамя таго, што трэба нарадзіцца з вярэдай у сэрцы, якая ніколі не заканчваецца. З вярэдай пра тое, як свет магчымы, чаму ён магчымы.  Калі прыходзіць гэтае здзіўленне і думанне над светам, над чалавекам — гэта робіць філосафа філосафам, а не адукацыя.

Філасофія з’яўляецца тады, калі з’яўляюцца людзі, якія пачынаюць спрабаваць зразумець быццё не так, як ім выкладалі, а інакш. А да гэтага філасофія будзе проста як прадмет, які існуе ва ўсім свеце.

Ці патрэбна штосьці яшчэ, акрамя нарадзіцца з вярэдай у сэрцы?

Так, інтэлектуальная мужнасць. Можна мець ад прыроды шэраг спрыяльных для мыслення характарыстак. Але калі ты не маеш інтэлектуальнай мужнасці,  філосаф з цябе ніколі не атрымаецца. Таму што сур’ёзна мысліць бывае вельмі страшна. Не палохацца таго, што праз цябе памысліваецца, мне здаецца, ўдаецца не кожнаму. Я мог бы называць шмат прозвішчаў неблагіх філосафаў, якія не сталі вялікімі толькі таму, што не мелі інтэлектуальнай мужнасці.

Ці ёсць такі запіс у працоўных кніжках — філосаф? Ці працуе хто-небудзь філосафам альбо гэта не прафесія, а штосьці іншае?


Калі ў працоўнай кніжцы будзе напісана “філосаф” — гэта тое ж самае, калі б было напісана “паэт” у чалавека, які скончыў Літінстытут. Гэта было б дурнавата. Бо ўсё ж такі філосафамі мы называем не выкладчыкаў філасофіі, паўтаруся, не тых, хто нават займаецца філасофіяй. Філасофіяй мы называем тых, хто ўзбагаціў нас новымі ведамі, новымі думкамі і магчымасцямі паразумецца з гэтым светам.

Шчыра кажучы, я таксама не люблю гэтае слова. Хаця мяне і пазіцыянуюць часта як філосафа, але мне вельмі цёпла, калі пра мяне пішуць — мысляр. Мне гэта здаецца больш дакладна пра тых, хто ўнёс у мысленне штосьці істотнае. І мне падаецца, можа занадта адважна, але што за ўсю сваю біяграфію я пабыў хвілінку-другую мысляром. І гэта амаль дастаткова, каб весела глядзець на пройдзены шлях.



 
 
( 2 comments — Post a new comment )
Алесь Манцэвіч[info]alex19581958 on April 16th, 2009 08:34 am (UTC)
Выбачайце за з'едлівасць.

1.Інтэрфейс зрабіце беларускім.

2."Беларусы — як камень, як дрэва: іх пасадзілі, і яны растуць такімі, якія яны ёсць..." -- чакаем санітарнай высечкі беларускага лесу, ці яна ўжо настала?

3. Барталамееўская ноч, а не Варфаламееўская. Прычым тут Візантыйскі (Бізантыйскі хай сабе -- не важна) кантэкст? Францыя -- каталіцкая краіна. І ніякіх святых Варфаламеяў там не было. Прызвычаіліся азірацца на РПЦ. Ну, каб такое здарылася ў Маскве, тады пісалі б Варфаламееўская.
Андрэй Ягораў[info]karuzlik on April 16th, 2009 08:50 pm (UTC)
Акудовіч поўная процілегласць Мацкевічу. На гэтай расцяжцы магло б штосьці і паўстаць. Але ж спадар Валянцін не толькі адсутнічае, але праз сваю адстнасць не можа ні з кім размаўляць. Ні няма ім абодвум, гаротным, суразмоўцы.
Вось, напрыклад: У. Мацкевіч. Зачем философы народному хозяйству?
 
 

Advertisement

Customize